Воласць
Воласць — ніжняя адзінка адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу ў Вялікім Княстве Літоўскім, і ў Расійскай імперыі з канца XVIII стагоддзя ў сельскай мясцовасці. У Расіі ўтворана ў 1797 годзе, першапачаткова для казённых сялян; пасля рэформы 1861 года воласці былі ўтвораны таксама для былых прыгонных і ўдзельных сялян. Жыхары воласці зваліся валашчанамі.
У СССР воласці былі скасаваны ў час адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1923—1929 гадоў: павятова-валасны падзел быў заменены раённым.
Зямельныя ўладанні
[правіць | правіць зыходнік]Воласцю назвалі сукупнасць зямельных уладанняў, якія належалі адной асобе, на Русі і ў Вялікім Княстве Літоўскім. У гэтым сэнсе Іпацьеўскі летапіс у 1142 годзе называе воласцю кіеўскіх князёў гарады Тураў, Клечаск і Случаск. У часы Вялікага Княства Літоўскага воласцю называлі комплекс паселішчаў, цэнтрам якіх быў адзін маёнтак, прычым такая воласць не абавязкова ўтварала кампактны абшар. Паводле інвентару 1560 года, у воласці дзяржаўнага Аршанскага замка ўваходзілі сёлы Баева і Варанцэвічы, якія знаходзіліся на значнай адлегласці ад яго. Да сярэдзіны XVI стагоддзя ў такім жа сэнсе часам ужываўся тэрмін «павет».
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка
[правіць | правіць зыходнік]Вялікае Княства Літоўскае
[правіць | правіць зыходнік]Таксама воласцю называлі адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку на Русі і ў Вялікім Княстве Літоўскім, населеная сялянамі-даннікамі, якія ўтваралі тэрытарыяльную абшчыну. Як дзяржаўная ўласнасць проціпастаўлялася вотчыне — уладанню на правах прыватнай уласнасці. На Полаччыне і ў Маскоўскай Русі ад воласці адрозніваўся таксама стан, насельніцтва якога, відаць, мела іншы характар павіннасцей (канкрэтныя адрозненні паміж воласцю і станам у XIII—XIV стагоддзях даследчыкі вызначаюць па-рознаму; пазней гэтыя адрозненні сцерліся). Воласць звычайна ахоплівала 10—30 і больш сельскіх паселішчаў і складалася з тэрыторый сельскіх абшчын (у крыніцах ВКЛ іх звычайна называюць сёламі). Акрамя земляў сельскіх абшчын, пэўныя тэрыторыі (сенажаці, бабровыя гоны, лясы) звычайна знаходзіліся ў карыстанні ўсёй воласці. Яна мела двайную сістэму кіравання. 3 сялян для кіравання выбіраўся соцкі (у XV—XVI стагоддзях — старац). Ён выступаў пасрэднікам паміж воласцю і ўладай, пры дапамозе дзясяцкіх размяркоўваў павіннасці, збіраў падаткі. Інтарэсы дзяржавы прадстаўляў намеснік (цівун) з баяр (шляхты). Ён знаходзіўся ў валасным цэнтры (у час Кіеўскай Русі такім цэнтрам быў горад ці пагост, у Вялікім Княстве Літоўскім — горад ці замак) і не меў права вольна ездзіць па воласці з мэтай збору падаткаў. У абавязкі намесніка ўваходзілі прыём падаткаў ад старца, перасылка іх уладальніку воласці, суд па справах, якія не падлягалі кампетэнцыі абшчыннага копнага суда, а таксама арганізацыя будаўніцтва і рамонту замка сіламі насельнікаў воласці. 3 канца XIV стагоддзя на заходніх (літоўскіх) землях Вялікага Княства Літоўскага (у сучаснай Літве, апрача Жамойці, Верхнім Панямонні, на Меншчыне, Берасцейшчыне) пачалося разбурэнне валасцей. Асобныя сёлы са складу воласці перадаваліся ў вотчыну шляхце, там узнікалі феадальныя двары, сяляне-даннікі ператварыліся ў цяглых сялян.
Да сярэдзіны XVI стагоддзя амаль некранутыя шляхецкім землеўладаннем воласці захаваліся толькі на ўсходзе Беларусі, на землях, якія ў той час яшчэ называліся «Русь» (таму часам велікакняжацкія воласці Падняпроўя ў дакументах называліся «рускімі воласцямі»). Сярод іх найбуйнейшымі былі Азярышчанская воласць і Усвяцкая на поўначы Віцебскага павета, Магілёўская ў Аршанскім павеце, Барысаўская, Любашанская, Свіслацкая, Бабруйская ўздоўж р. Бярэзіна, Крычаўская, Прапойская і Чачэрская ў Пасожжы, Гомельская, Рэчыцкая і Мазырская на паўднёвым усходзе Беларусі. Аднак і ў гэтых воласцях асобныя сёлы перадаваліся вялікімі князямі ў рукі шляхты. У некаторых выпадках жыхары працягвалі выконваць частку павіннасцей разам з усёй воласцю (будаўніцтва замкаў, рамонт дарогі інш.) або новыя ўладальнікі атрымлівалі падаткавы імунітэт і падданыя парывалі ўсе сувязі з воласцю. Адначасова ўрад праводзіў наступленне на правы воласці: намеснікі атрымлівалі дазвол непасрэдна збіраць павіннасці па сёлах, сяляне трацілі права выбіраць старцаў. У 1547 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст у адказ на скаргу сялян Чачэрскай воласці заявіў: «Ино што ся дотычит мыта и выбираня старца, то ест реч наша господарьская, а не ваша хлопская».
У канцы XVI — пачатку XVII стагоддзя ў «рускіх» воласцях прайшла валочная памера, пасля чаго яны фактычна ператварыліся ў звычайныя дзяржаўныя маёнткі (Барысаўскае стараства, Магілёўская эканомія і інш.). Гэта прывяло да зліцця паняцця воласці ў абодвух значэннях.
Расійская імперыя
[правіць | правіць зыходнік]У Расійскай імперыі воласць як адміністрацыйная адзінка была ўведзена ў 1797 годзе для казённых сялян. Поруч з сельскай грамадой складала найніжэйшае звяно дзяржаўна-адміністрацыйнай сістэмы. Уключала да 3 тысяч рэвізскіх душ. У ходзе рэформы дзяржаўнай вёскі 1830—1850-х гадоў на Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне воласці былі скасаваныя[1].
Паводле сялянскай рэформы 1861 года воласць уведзена для былых памешчыцкіх, з 2-й паловы 1860-х гадоў і для былых дзяржаўных сялян як найвышэйшая адзінка саслоўнага сялянскага самакіравання, органамі якога былі валасны сход, валасное праўленне, валасны суд. Напачатку воласць падпарадкоўвалася міравому пасрэдніку, потым павятовым па сялянскіх справах установам, пазней — земскаму ўчастковаму начальніку. Ахоплівала некалькі паселішчаў, што належалі звычайна да аднаго царкоўнага прыходу.
На Беларусі ў сярэдзіне 1860-х гадоў былі 752 воласці, у 2-й палове 1870-х гадоў — 688.
Воласць уваходзіла ў адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку больш высокага рангу — павет («уезд»).
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ў сувязі са стварэннем валасных земстваў воласць фармальна стала адзінкай усесаслоўнага самакіравання, якое, як правіла, было сродкам улады заможнага сялянства[1].
У першыя гады савецкай улады з перадачай сялянам памешчыцкай і дзяржаўнай зямлі частка воласцей была раздроблена[1].
БССР
[правіць | правіць зыходнік]17 ліпеня 1924 года II сесія ЦВК БССР скасавала паветы і воласці і стварыла акругі і раёны. У прэамбуле закона паказвалася, што гэты акт прымаецца ў мэтах выканання пастановы VI Усебеларускага Надзвычайнага з’езда Саветаў «у мэтах большай адпаведнасці адміністрацыйнага падзелу БССР эканамічным асаблівасцям раёнаў, а таксама для спрашчэння, патаннення і набліжэння да насельніцтва савецкага апарата»[2].
У Другую сусветную вайну на акупаванай тэрыторыі нямецкая ўлада перайменавала сельсаветы ў воласці[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г ЭГБ 1994, с. 351.
- ↑ В. А. Круталевич. Административно-территориальное устройство БССР / Акад. наук БССР. Ин-т философии и права. — Минск: Наука и техника, 1966. — 133 с.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Воласць // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Насевіч В., Панюціч В. Воласць // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — С. 273. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.